УСХОДНЕЛІТО́ЎСКІЯ КУРГАНЫ́,
пахавальныя помнікі балцкіх плямён у 4—12 ст. на тэр. ўсх. і паўд.-ўсх. Літвы і паўн.-зах. Беларусі. Даследавалі ў 2-й пал. 19—1-й пал. 20 ст. К.П. і Я.П.Тышкевічы, Л.Кандратовіч (У.Сыракомля), П.С.Вільчынскі, А.К.Кіркор, А.Плятэр, В.А.Шукевіч, У. і Г.Галубовічы, А.Таўтавічус і інш. Маюць паўкруглую форму дыяметрам 5—15 м і вышынёю 0,6—1 м. Пахавальны абрад у 4—5 ст. трупапалажэнне ў грунтавых ямах, у адным кургане 1—2, радзей 3 пахаванні. Пахавальны інвентар — упрыгожанні (шыйныя грыўні, бранзалеты, шкляныя пацеркі, фібулы, падвескі і інш.), радзей прылады працы (сякеры, нажы, сярпы, прасліцы, шылы). У 5—6 ст. пахавальны абрад трупаспаленне: рэшткі спалення часам ссыпалі ў грунтавую яму, часцей змяшчалі ў аснове або ў насыпе кургана. Пераважаюць курганы з 2—4 пахаваннямі. Пахавальны інвентар — зброя, у канцы 1-га — пач. 2-га тыс. трапляюцца толькі мячы. У гэты час пашырыліся пахаванні з коньмі. Іх змяшчалі ў спецыяльна насыпаных курганах. На тэр. Беларусі даследаваны У.к.: Алешкі, Засвір, Чорная Лужа (Мядзельскі р-н), Андрэеўцы, Рымшанцы (Смаргонскі р-н), Будрані, Жэлядзь, Пільвіны, Сяржанты (Астравецкі р-н), Вайшкуны, Лынтупы (Пастаўскі р-н) і інш. Большасць даследчыкаў лічыць У.к. пахавальнымі помнікамі ўсх.-літ. плямён, адны звязваюць іх з аўкштайтамі, другія з саюзамі плямён. На думку В.В.Сядова, гэта помнікі племянной групоўкі, вядомай у летапісах пад назвай «літва».
Літ.:
Гуревіч Ф.Д. Древности Белорусского Понеманья. М.; Л., 1962;
Финно-угры и балты в эпоху средневековья. М., 1987;
Зверуго Я.Г. Верхнее Понеманье в IX—XIII вв. Мн., 1989.
Я.Г.Звяруга.
т. 16, с. 275
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)